евроболат

“Respirer Paris, cela conserve l'âme.”


Калі я пачынала падарожнічаць па Еўропе больш за дзесяць гадоў таму, я не хацела ехаць у Парыж, і зараз разумею, што ў прынцыпе мела рацыю.
Па-першае, за мінулы час горад стаў больш чыстым і камфортным, аб гэтым гавораць амаль усе больш-менш рэгулярныя наведвальнікі. Па-другое, зараз у мяне ёсць грошы на гатэль у нармальным раёне (ніякіх небяспечных трушчоб) і на абед у кафэ (а кулінарыя — гэта ж адна з важнейшых частак культуры Францыі).


Таму вандроўка адбылася вельмі прыемнай, хоць я і была адна. Два з паловаю дні хапіла для першага знаёмства і для таго, каб вельмі захацелася вярнуцца. Столькі яшчэ ўсяго цікавага і прывабнага чакае ў Парыжу. Але шмат чаго я паспела пабачыць і пражыць!


Адчуваю, нібы дасягнула важнай для сябе жыццёвай мэты гэтым падарожжам.

🥐

У першы дзень я паела ў Макдо, і міма Трыумфальнай Аркі пайшла да Эйфелевай вежы, вакол і пад якой гуляла да вечара і ела фундук, а потым села на караблік і пакаталася па Сене. Накрапваў дожджык, і я трохі падмерзла, але сонейка яшчэ праглянула з-за хмарак, і я адчула, няўжо ж я ў Парыжу і ўсё так добра! На зваротным шляху купіла вялікі камамбер у Карфуры, і сыр смярдзеў у маім пакоі, набіраючы моц з кожным днём. Я нават пакінула цыдулку з прабачэннямі перад ад’ездам.


Paris on July 29th

🥐

Другі дзень я пачала з цудоўнай базілікі Сакрэ Кёр на вяршыні ўзгорка Манмартр. Далей я чакала запланаваную і аплачаную экскурсію з Get Your Guide, і ўпершыню мяне ашукалі! Ніхто не прыйшоў… Таму па Манмартру пагуляла самастойна і далёка не пайшла. Дажджыла, ад моцнага ліўню я схавалася пад каштанамі, а вось наступны перасядзела ўжо за menu du jour у бістро Bonne Heure, якое загадзя адшукала ў інстаграме. Ела: Crème de houmous, œuf frit, graines de courge torréfiées / Filet mignon de porc, sauce moutarde, écrasé de pommes de terre / Tartelette vanille cacahuète. Піла: Spritz St Germain.



Paris on July 30th morning

🥐

Наведала шыкоўныя Галерэі Лафайет, на даху якіх знаходзіцца аглядная пляцоўка з відам на самы цэнтр горада. Пагуляла па Сефоры, купіла там памаду ад Рыяны. Праз Вандомскую плошчу, назва якой мне знаёмая з дзяцінства, прайшла да садоў Цюільры, па дарозе схадзіла ў англамоўную кніжную краму Smith & Son, дзе перачакала яшчэ адзін кароткі лівень і набыла кніжку, на жаль, зусім нятрапную. У садах стала нечакана спякотна, і я без спф і акуляраў хутка расцяклася, але давалачылася да раёна Марэ, дзе выпіла ледзяной кавы і схадзіла ў туалет у стылі дыска. Пасля гэтага сіл яшчэ хапіла трохі паглядзець Марэ, дайсці да плошчы Бастыліі і вярнуцца ў гатэль у стане абсалютнай стомы. Ногі адмовіліся хадзіць, але на шчасце назаўтра такіх праблем ужо не было.



Paris on July 30th afternoon

🥐

Дзень трэці: у 08:50 я ўжо стаяла ў чарзе да музея Арсэ, які адчыніў дзверы ў 09:30, і я адразу ж пабегла па лесвіцы да самых доўгачаканых работ, якія можна было раніцай разгледзець амаль што ў адзіноце. Ван Гог, два Манэ, Рэнуар, Дэга, Сезан… Калі я бачу знаёмыя карціны ўжывую – гэта заўсёды дзіўна, і нават трохі хістае межы ўспрымання рэальнасці. У музеі Арсэ мноства цікавостак, і сам будынак цудоўны, гэта былы вакзал! Можна выйсці на балкон і паглядзець на Сену і Луўр насупраць. На некалькіх паверхах сабраныя работы ХІХ стагоддзя розных жанраў, і канешне ў гэты музей варта схадзіць некалькі разоў.



Paris on July 31st museum

🥐

Паабедала ў брасэрі Le Parisien, дзе пасля ласасёвага стэйку з рысам узяла яшчэ і тырамісу на дэсерт, бо віно апынулася такім нечакана смачным, што я выпіла два келіхі. Ружовае па назве, але празрыстае па колеру, Vin Rosé (Pays D’Oc I.G.P). Потым гуляла па левым беразе, значна болей спакойным і меней турыстычным. У мяне ёсць цяпер любімая плошча і царква ў Парыжу – Saint-Sulpice. Люксембургскі сад прыгожы і атмасферны, як і ўяўляла я па кнігах і фільмах. Шпацыр прывёў мяне яшчэ ў краму біжутэрыі, да Пантэону і арэн Лютэцыі. А потым я вярнулася на правы бераг, дзе быў яшчэ Старбакс з чарговай ледзяной кавай, шопінг у Зары і макарончыкі на развітанне з Парыжам. À plus tard !



Paris on July 31st afternoon